АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,
альтаншчыкі, буданнікі (Ptilonorhynchidae), сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб. вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).
Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)